Wednesday, April 15, 2009

Сапраўдныя real numbers

У матэматыцы ёсць такі панятак - рэчаісны лік. У рускай мове - действительное (вещественное) число, у ангельскай - real number. Гэта дадатны, адмоўны лік, або нуль, які можна падаць у выглядзе абмежаванага або бясконцага дзесятковага дробу. Але ці правільна пісаць па-беларуску "рэчаісны лік". А мо трэба "сапраўдны лік", як гэта часам сустракаецца ў розных крыніцах?

Рускае слова действительный паходзіць ад назоўніка действительность, які мае два значэнні:
  1. сінонім реальность - рэчаіснасць,
  2. сінонім подлинность - сапраўднасць.
Зразумела, наша действительное число дапасуецца менавіта да першага значэння - реальности. А таму "сапраўдны лік" - гэта проста недакладная калька з рускага панятку. Правільна пісаць па-беларуску менавіта "рэчаісны лік".

Tuesday, April 14, 2009

Спалучэнне некаторых лічэбнікаў з назоўнікамі

Ці вы сустракалі такія формы вядомых слоў: акны́ (ад акно), лязы́ (ад лязо), вядры́ (ад вядро), бервяны́ (ад бервяно)? Вы лічыце, тут памылка, такіх формаў не існуе? Калі так, то вы памыляецеся.

Фармулёўка праблемы

Спачатку правіла з падручніка:
Пры лічэбніках два (дзве), абодва (абедзве), тры, чатыры назоўнікі ўжываюцца ў форме назоўнага склону множнага ліку.
Згодна з гэтым правілам, мы павінны былі б пісаць: “два во́кны”, “тры лё́зы”, “чатыры вё́дры”, “абедзве рэ́кі”. Жудасна гучыць, праўда? Пошук у Сеціве паказаў, што іншыя людзі таксама мелі праблемы ў гэтай сітуацыі. Аднак пошук таксама прынёс спасылку на цікавую кніжку “Сучасная беларуская літаратурная мова: спрэчныя пытанні” І. А. Лепешава, дзе я знайшоў адказ на гэта пытанне.

Выключэнні з правіла

Дык вось, аўтар дае спіс выключэнняў да правіла ўзгаднення лічэбнікаў два (дзве), абодва (абедзве), тры, чатыры з назоўнікамі ў сказе:
  1. Назоўнікі жаночага роду, што маюць націск на канчатку ў назоўным склоне адзіночнага ліку і рухомы націск, супадаюць пры спалучэнні з азначанымі лічэбнікамі і па канчатку, і па націску не з назоўным склонам множнага ліку, а з родным адзіночнага: “чатыры ракі́” (не “рэ́кі”), “дзве сястры́” (не “сё́стры”).
  2. Шмат назоўнікаў ніякага роду з націскным канчаткам у назоўным склоне адзіночнага ліку і рухомым націскам супадаюць пры спалучэнні з азначанымі лічэбнікамі па канчатку з назоўным склонам множнага ліку, а па націску — з родным адзіночнага: “гняздо́ — гнязда́ (р. адз.) — гнё́зды (наз.мн.) — два гнязды́”; “акно́ — акна́ — во́кны — два акны́”.
  3. Выключэнні ёсць і для назоўнікаў мужчынскага роду з рухомым націскам. Напрыклад: “конь — каня́ (р. адз.) — ко́ні (наз.мн.) — два кані́, зуб — зу́ба — зу́бы — тры зубы́, чалаве́к — чалаве́ка — лю́дзі — тры чалаве́кі”.
Цікава таксама, што калі назоўнік мае дапасаваны прыметнік, то той пішацца ў форме множнага ліку назоўнага склону (не роднага !). Прыклад: “дзве вялікія ракі, чатыры поўныя вядры”.

Крыху гісторыі

Вы спытаецеся: а чаму наогул у мове з’явіліся гэтыя “нестандартныя” формы слоў? Аўтар кніжкі дае адказ і на гэта пытанне. Як выявілася, некалі назоўнікі ва ўсходнеславянскіх і іншых індаеўрапейскіх мовах мелі, акрамя добра нам вядомых адзіночнага і множнага ліку, таксама парны лік! (па-руску – “двойственное число”). Аднак з часам гэты лік знік, і замест яго ў беларускай мове выкарыстоўваецца форма множнага ліку з захаваннем націску, уласцівага былому парнаму ліку.

А як у суседзяў?

Сфармулюем правіла спалучэння лічэбнікаў “два, оба, обе, три, четыре” з назоўнікамі для рускай мовы.
  1. Калі лічэбнік выкарыстаны ў назоўным склоне – назоўнік пішам у родным склоне адзіночным ліку. Прыклад: "два документа".
  2. Калі лічэбнік у родным, давальным, творным ці месным склоне – назоўнік пішацца ў тым жа склоне множнага ліку. Прыклад: "нет двух документов", "дать двум документам", "творить двумя документами", "о двух документах".
  3. Калі лічэбнік у вінавальным склоне, то...
  • ...калі назоўнік неадушаўлёны – пішам аналагічна назоўнаму склону: "видеть два документа";
  • ...калі назоўнік адушаўлёны – пішам аналагічна роднаму склону: "видеть двоих человек".
Як бачым, напісанне "парных" лічэбнікаў у спалучэнні з назоўнікамі ў беларускай і рускай мове адрозніваецца.

Tuesday, April 7, 2009

Новы правапіс - найбольш істотныя змены

1 верасня 2010 г. набывае моц закон аб новых правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі (ў фармаце PDF). Вядома, нас цікавіць, а якія найбольш сур'ёзныя змены ёсць у новым правапісе, у параўнанні з правапісам 1957 года? Вось пералік, паводле аўтараў дакумента:

  1. Пашыраецца прынцып перадачы акання ў словах іншамоўнага паходжання: адажыа, трыа, сальфеджыа замест адажыо, трыо, сальфеджыо.

  2. У словах іншамоўнага паходжання, акрамя імёнаў уласных, канцавыя элементы -эр, -эль у адпаведнасці з прынцыпам акання прапанавана перадаваць як -ар, -аль: прынтар, камп'ютар, пэйджар замест прынтэр, камп'ютэр, пэйджэр.

  3. Паводле агульнага правіла перадачы на пісьме якання ў першым пераднаціскным складзе прапанавана пісаць "я" замест "е": дзявяты, дзясяты, сямнаццаць, васямнаццаць замест дзевяты, дзесяты, семнаццаць, васемнаццаць.

  4. У адпаведнасці з сучаснай моўнай практыкай змяняецца напісанне складанаскарочаных слоў: прафкам, гаркам, абкам, селькар, газпрам замест прафком, гарком, абком, селькор, газпром.

  5. Уніфікуецца напісанне прыметнікаў на -скі, утвораных ад уласных назваў: чаньчунскі, цяньшанскі як і любанскі, астраханскі замест чаньчуньскі, цяньшаньскі.

  6. Пашыраецца напісанне «ў» (у нескладовага) у словах іншамоўнага паходжання: для ўніверсітэта, пасля ўнікальнай аперацыі замест для універсітэта, пасля унікальнай аперацыі.

  7. Спрошчаны правілы пераносу слоў.

  8. Зменены правілы напісання вялікай і малой літараў у назвах органаў улады, арганізацый, прадпрыемстваў, устаноў, а таксама ў назвах асоб па пасадах, званнях, тытулах і г.д.: Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь, Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь, Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь, Прэм'ер-міністр Рэспублікі Беларусь, Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі.

  9. Новы параграф «Вялікая і малая літары ў назвах асоб, датычных рэлігій, у назвах міфалагічных і казачных герояў»: асабовыя назвы вышэйшых бостваў, а таксама ўсе словы ў спалучэннях з гэтымі назвамі: Бог, Яхве, Усявышні, Уладыка Нябесны, Святая Троіца.

  10. Напачатку і ў сярэдзіне запазычаных слоў спалучэнне [й] + галосны перадаецца, як і ў словах уласнабеларускіх: ёркшырскі, маёр, маярат, маянэз, раён, Ёжэф, Нью-Ёрк замест йоркшырскі, майор, майярат, майянэз, район, Йожэф, Нью-Йорк.

  11. Рэгламентавана ўжыванне суфіксаў -ава- (-ява-) і -ірава- (-ырава-): ліквідаваць, акліматызаваць замест ліквідзіраваць, аклімацізіраваць, але камандзіраваць, а не камандаваць, будзіраваць, а не будаваць (пазбягаем стварэння падобных у напісанні слоў з рознымі сэнсамі).


Як бачым, правілы даволі прагрэсіўныя, уведзеныя змены даўно чаканыя і дэ-факта шырока выкарыстоўваюцца ў беларускамоўным асяроддзі. Добра заўважны рух у бок спрашчэння правапісу, а гэта значыць іх будзе лягчэй запамінаць, паменшыцца колькасць памылак у тэксце. Узмоцнена "абеларушванне" запазычаных слоў, зменшана колькасць выключэнняў.

З іншага боку, аўтарам трэба было б прасунуцца крыху далей у гэтым безумоўна правільным накірунку. Напрыклад, унармаваць у правілах выкарыстанне (а больш правільна - невыкарыстанне) суфіксу "-ір-"/"-ыр-" аналагічна "-ірава-" / "-ырава-". Напрыклад, заўсёды пісаць "фармулёўка" замест "фармуліроўка". Але гэта, магчыма, зачын, пакінуты на наступную рэдакцыю правіл правапісу. А пакуль мы будзем ствараць "рэаліі" і напрацоўваць "сучасную моўную практыку", у тым ліку кампутарную. :)

Thursday, April 2, 2009

Налады і карыстачы (частка III)

Гэта працяг гутаркі з Юрыем Тарасевічам пра некаторыя аспекты ўжывання слоў накшталт "налады" і "карыстачы" ў беларускай мове. Папярэдняя частка - тут.

...ў тэхнічным кантэксце "растроіць", і "адстроіць", і "падстроіць", і "перастроіць". Усё гэта, з п.гл. мовы, цалкам адпавядае беларускай моўнай сістэме і гісторыі. Пар. "настрой".


Вы гэта таксама знайшлі ў тым політэхнічным слоўніку? І ў якім кантэксце прапануюць выкарыстоўваць "перастроіць" - замест "перабудаваць"? І навошта тады было ствараць гэты калькаваны наваяз, калі ў сучаснай беларускай мове дастаткова шырока вядомых слоў, якія ўжо закрываюць гэтыя значэнні. (Магчыма, толькі "налады" былі апошнім прапушчаным звяном у гэтым шэрагу). Ды і не выкарыстоўваюцца гэтыя запазычанні рэальна ў беларускай мове - толькі дарэмна месца ў слоўніку займаюць. (Я гэта паказаў на прыкладзе "расстроіць", можаце астатнія варыянты таксама пашукаць у Яндэксу, ды паглядзець, дзе і як яны ўжываюццва, калі ўжываюцца).

Я дзеля цікавасці паспрабаваў знайсці гэтыя словы ("растроіць", і "адстроіць", і "падстроіць", і "перастроіць") у Руска-беларускім слоўніку матэматычных, фізічных і тэхнічных тэрмінаў. Ніводнага з іх там няма!



Праўда, слоўнік параўнальна невялікі (18500 артыкулаў), але гэта значыць, што калі нават аўтары сустракалі гэтыя словы ў "дзікай прыродзе", яны не палічылі іх шырока ўжывальнымі, і таму не ўлучылі ў свой слоўнік. Можаце праверыць самі - электронная версія тут на Slounik.org.

І калі будзеце там, заадно звярніце ўвагу, якія пераклады прапануюцца напрыклад для "перестраивать":
  • 1. (структуру чего-л., здание) перабудоўваць;
  • 2. (прибор, механизм) пераладжваць


А слова "настрой" Вы зусім дарэмна да тэхнічных прылічылі. У маіх руска-беларускіх перакладных слоўніках яно сустракаецца толькі ў артыкулах тыпу "настроение" і сінанімічных яму.

Але нарэшце агучаная сапраўдная матывацыя -- "калька" (з рускай). Ну, калька, і што? Што, бывае тэрміналогія без калькаў? Або іх толькі з рускай нельга рабіць? Асабліва, калі з'ява нагэтулькі распаўсюджаная?


Калькаванне дапушчальна для новых слоў (новыя з'явы, новыя прадметы і г.д.), і пажадана толькі тады, калі мова не дае нам добрага адпаведніка з ужо наяўных у лексіконе. Да нашага выпадку гэта не мае дачынення (зноў жа магчыма з адным выключэннем - слова "налады", якое закрывае апошні прагал).

Слова ж "настройка" як вытв. ад дзеясл. "настроіць" вядомае ў бел. акад. літ-ры ***мінімум*** 40 гадоў.


Дарэчы пра назоўнікі на "-йка", што ўтвораныя ад дзеяслова. Вы напэўна ведаеце, што гэта не ўласнабеларускі метад словаўтварэння, хоць і даволі пашыраны ў апошні час. Бо ў беларускай мове больш распаўсюджаныя такія назоўнікі, толькі з "хвосцікам" на "-нне". Гэта лёгка праверыць па таму ж перакладному слоўніку Булыкі:
  • встройка - (як дзеянне) - убудоўванне (не "ўстройка"! і не "ўбудоўка"!)
  • достройка - (дзеянне) дабудаванне - 1-е значэнне, дабудоўка - 2-е значэнне
  • пристройка - (дзеянне) прыбудова, прыбудаванне, прыбудоўванне; (аб'ект) прыбудова. "Прыбудоўкі" - няма.
  • застройка - (аб'ект) забудова, забудоўля; (дзеянне) забудаванне. "Забудоўкі" - няма.


Пададзеныя прыклады ўжывання слова "расстроіць" -- для трохі іншых сэнсаў (культура мовы!).


Бо іншых сэнсаў у Сеціве не было! Праверце самі - Яндэкс даступны. Можаце яшчэ ў Гугле пашукаць.

Я знайшоў пытанні да суфіксу -ач -- ён належыць да украінізмаў (не паланізмаў!), і Сцяцко, быццам, якраз яго "любіць".


Юры, правільна, гэты варыянт словаўтварэння вельмі распаўсюджаны ў паўднёвых суседзяў. Але я прывёў вышэй даволі доўгі спіс слоў беларускай мовы, дзе ён таксама выкарыстоўваецца. І гэта не словы з 40-гадовай гісторыяй з політэхнічнага слоўніка. Гэта словы нашмат старэйшыя, магчыма яшчэ з тых часоў, калі беларуская і ўкраінская мова толькі пачыналі падзяляцца.

Налады і карыстачы (частка II)

Вырашыў адказ на каментары Юрыя да папярэдняга допісу даць асобным запісам у дзённіку.


"Манаграфія "Мадэль утварэння назоўнікаў...", якую я вам узгадаў, падрыхтаваная ў 2005 пад рэдакцыяй Сцяцко. У табліцы частаты -ач не выдзелены."

Тое, што яны не выдзелены - не значыць, што іх не існуе. Манаграфія - гэта не энцыклапедыя, аўтар мог звярнуць там увагу на іншыя пытанні.
Паспрабую яшчэ знайсці той артыкул з БЛ, дзе пра нульсуфіксы.

Добра. Заадно паглядзіце, як там азначана ўтварэнне слова, напрыклад, "хада".



Бяда, што вы не слухаеце, а толькі пярэчыце -- без нейкіх ***рацыянальных*** абгрунтаванняў (напр., не спасылаецеся на выяўленую кімсьці заканамернасць, або на акад. слоўнікі).


Нажаль, у мяне няма пад рукою акадэмічнага слоўніка. Але для доказу існавання слоў крумкач, слухач, чытач ён і не патрэбны, ці не так? (Вы бачыце тут нейкія адрозненні будовы слова ад карыстач?).

Розніцу дзеясловаў "ладзіць" і "строіць" паводле акадэмічнай думкі я працытаваў. Вы, на маю думку, няправільна яе разумееце, або не хочаце разумець. :) А гэта -- пытанне культуры мовы.


Здаецца, у папярэднім допісе я даў разгорнутае тлумачэнне выкарыстання слоў з коранем "лад", грунтуючыся менавіта на Вашых вытрымках з ТСБМ-05.

Па-мойму, тут проста сваявольна парушаная культура мовы.


А мне здаецца, усё было напісана вельмі гарманічна і да месца. :)

Ну, ёсць ужо "настройкі", у акадэмічным політэхнічным слоўніку. А вам проста хочацца (падабаецца) мець слова "налады".


Дарэчы, таксама цікавае пытанне: задумайцеся, адкуль з'явілася слова "настройкі", "настроіць" у тэхнічным слоўніку? Я больш чым упэўнены, што гэта калькаванне адпаведных рускіх слоў, і іншыя варыянты нават не разглядаліся падчас стварэння слоўніка (дзе тыя 4 фазы ?!). Чаму ў аўтараў слоўніка не ўзнікла пытанне адсутнасці ў беларускай мове адпаведнага дзеяслова са зваротным сэнсам? "Настроіць" - "расстроіць"? ці "растроіць"? ці "адстроіць"? У той час як для "наладзіць" такой праблемы няма ("разладзіць"). І ў людзей гэтай праблемы няма.

Калі Вы зробіце пошук па слову "расстроіць" у Сеціве, Вы знойдзеце толькі варыянты ў сэнсе "засмуціць" ці "зладзіць" ці "разладзіць" (то бок ізноў жа памылковае калькаванне з рускай мовы), і ніводнага ў антанімічным сэнсе да "наладзіць":
  • Ня ведаю ці парадуе вас праўда, ці расстроіць... (ужыта замест правільнага варыянту "засмуціць", калькаванне з рускай)
  • Адкідаліся матэрыялы, якія былі здольныя “расстроіць” Брэжнева (таксама)
  • ...дык сванька вясельле расстроіць... (сінонім "зладзіць", але ніяк не антонім да "наладзіць")
  • можа расстроіць шчасьце усяго жыцьця (правільна - "разладзіць")


Вас гэта не бянтэжыць?

Рускія таксама прайшлі перыяд, калі пісалі "опции" замест "настройки" напрыклад. Пройдзем і мы.

Wednesday, April 1, 2009

Налады ці Настройкі? Карыстальнік ці Карыстач?

Хоць ідэя стварэння свайго блога цьмела ўжо даўно, тым не менш непасрэдным штуршком для яго стварэння стала вось гэта дыскусія на старонках Беларускай Вікіпедыі.

Гутарка круціцца вакол выкарыстання слоў "Налады" і "Карыстач" у IT-асяроддзі: у кампутарных праграмах, на сайтах і г.д.

Нажаль, у рамках Вікіпедыі цяжка весці размовы, таму публікую свой адказ на апошні допіс паважанага Юрыя Тарасевіча тут. Вытрымкі з зыходнага допісу падаю ў двукоссях.



"Значыць, па парадку: рэальна 100% нашага ІТ -- рускамоўнае і там гучаць "настройкі". Так?"

Выбачайце, Юры, гэта не аргумент. Інакш мы бы з Вамі зараз сядзелі б у суседняй Вікі і спрачаліся наконт як сама правільна пісаць: "Выпить чаю" или "Выпить чая". ;)

"Мова павінна быць зразумелай, тое самае, і яшчэ болей, тычыцца тэрміналогіі."

Усе абмеркаваныя варыянты - вядомыя словы або пабудаваныя ад вядомых слоў.

"У беларускамоўнай тэрміналогіі існуе настройка, напрыклад, радыёпрыёмніка? Існуе, і запісаная ў Р-Б палітэхнічным слоўніку Ін-ту мовазнаўства. І нічым прынцыповым настройка праграм не адрозніваецца, так?"

Прынцыпова - не. Але Вы тут ніжэй спасылаецеся ўжо нават не на сінанімічную розніцу, а на адценні сэнсу.

"Настройка -- тое, што робіцца часта. Наладка -- тое, што робіцца пасля ...усталявання..., і ўжываецца гэты тэрмін, пераважна, да тэхнікі і абсталявання."

Так, усё правільна. Словы блізкія, але іх сэнс мае адценні.

"Нарэшце, "настроити", і з такім самым пачатковым значэннем, ёсць нават у Гіст. слоўніку бел. мовы"

Выдатна! Але я ўпэўнены, што словы з гістарычным коранем "лад" там таксама ёсць.

"ствараць новы тэрмін або новае значэнне існага тэрміну -- НЯМА?"

Ствараць слова для замены слова "настройка" (тое, што робіцца часта) - здаецца не, няма. Справа ў тым, што слова "налада" як ніякое іншае дапасуе да ўжывання ў IT менавіта ў тым сэнсе, што вы паказалі. Вось глядзіце. Спачатку мы ўсталёўваем праграму, ці адкрываем акаўнт на сайце, ці рэгіструем пошту. Пасля гэтага што мы робім? ПАДЛАДЖВАЕМ (рус. ПОДСТРАИВАЕМ) праграму/акаўнт/паштовую скрыню пад свой густ. Мы ЎЛАДКОЎВАЕМСЯ (рус. УСТРАИВАЕМСЯ) ў новым праграмным асяроддзі. І ўсё, больш мы гэтыя НАЛАДЫ (рус. НАСТРОЙКИ) звычайна не чапаем. Вось вам і пуск, і наладка.

І толькі калі там нешта РАЗЛАДЗІЦЦА (вірус уб'ецца), мы зноў займаемся ПЕРАНАЛАДКАЙ. Дарэчы, на ўсялякі выпадак, пашукайце ў сваіх слоўніках слова "растроіць" (разладзіць). А то ў мяне няма. І ў перакладным Булыкі таксама няма. Ёсць толькі ў адзіным сэнсе "(нарушить строй) расстроіць" (то бок "парушыць шыхт/шыхтаванне", але лепш мы гэта тут чапаць не будзем :). Ідзем далей.

"Па-першае, слова "налада" няма ў ніводным аўтарытэтным слоўніку"

Так, гэта новае слова, яго няма ў старых акадэмічных слоўніках. Слова, пабудаванае на старым корані, і якое запаўняе прагал у шэрагу ўжо існых і вядомых слоў: наладка, наладжваць і г.д. Таму гэта не фантазія, а абдуманы і абгрунтаваны дадатак у моўны лексікон. Фантазія - гэта напрыклад краіна Цілімілітрамдыя. :)

"нульсуфіксальная мадэль для фемінітываў асобна не ўзгадваецца (яна наогул спецыфічная, колькі мне вядома)"

Нажаль, у нашых вучоных-беларусаведаў няма добрых сучасных праграмных прылад для вывучэння мовы, і лексікі ў прыватнасці. І з Гуглам не вельмі. Таму я вам падкіну пару прыкладаў, якія не знайшоў паважаны навуковец. Усе ніжэйпададзеныя словы, як няцяжка заўважыць, з'яўляюцца фемінітывамі (калі я правільна зразумеў тэрмін. Але ж і слова Вы знайшлі, усяго 4 спасылкі ва ўсім Сеціве... уфф :) ). Яны пабудаваныя ад (або маюць узгоднены) дзеяслоў, і не маюць суфікса (гэтак жа, як і "налада").
  • абсада - ёсць у перакладным слоўніку Булыкі -- абсадзіць
  • абраза -- абразіць
  • асада і аблога -- асадзіць і аблажыць
  • прылада -- прыладзіць
  • выгада -- выгадаць
  • рада і парада -- ра́дзіць (ра́дзіцца) і пара́дзіць
  • улада -- уладаць
  • завада -- завадзіць (ёсць у Байкова-Некрашэвіча)
  • загарада -- загарадзіць
  • звада -- звадзіць
  • і г.д. і да т.п.


"А ў табліцы частаты выкарыстання фармантаў няма -ач"

???? Гэта па якой базе складалася табліца? Я ўжо падаваў словы на -ач вышэй.

Цяпер наконт "трэба не-рускае слова". Вельма часта такое сустракаецца, Вы правы. І я таксама пабачыў шмат вычварных слоў, але затое "нашанскіх". Але не трэба змешваць усё у адну кучу. Калі чалавек па-беларуску піша "падстрайваць" (маюча на ўвазе "падладжваць"), ці "пастроіць" (маючы на ўвазе "пабудаваць") - вось што трэба выпраўляць.

Пачынаем !

Прывітанне, дружа!

Калі ты тут, значыць цябе цікавіць беларуская мова ва ўсіх яе выявах: лексіка, правапіс, ужытак, машынны пераклад, літаратура на мове, слоўнікі, энцыклапедыі, і шмат-шмат што яшчэ. Гэтак жа, як і мяне.

Паспрабую тут даваць простыя адказы на складаныя пытанні (наколькі гэта магчыма). Дыскутаваць дазваляецца!

Ну, наперад!