Thursday, April 2, 2009

Налады і карыстачы (частка III)

Гэта працяг гутаркі з Юрыем Тарасевічам пра некаторыя аспекты ўжывання слоў накшталт "налады" і "карыстачы" ў беларускай мове. Папярэдняя частка - тут.

...ў тэхнічным кантэксце "растроіць", і "адстроіць", і "падстроіць", і "перастроіць". Усё гэта, з п.гл. мовы, цалкам адпавядае беларускай моўнай сістэме і гісторыі. Пар. "настрой".


Вы гэта таксама знайшлі ў тым політэхнічным слоўніку? І ў якім кантэксце прапануюць выкарыстоўваць "перастроіць" - замест "перабудаваць"? І навошта тады было ствараць гэты калькаваны наваяз, калі ў сучаснай беларускай мове дастаткова шырока вядомых слоў, якія ўжо закрываюць гэтыя значэнні. (Магчыма, толькі "налады" былі апошнім прапушчаным звяном у гэтым шэрагу). Ды і не выкарыстоўваюцца гэтыя запазычанні рэальна ў беларускай мове - толькі дарэмна месца ў слоўніку займаюць. (Я гэта паказаў на прыкладзе "расстроіць", можаце астатнія варыянты таксама пашукаць у Яндэксу, ды паглядзець, дзе і як яны ўжываюццва, калі ўжываюцца).

Я дзеля цікавасці паспрабаваў знайсці гэтыя словы ("растроіць", і "адстроіць", і "падстроіць", і "перастроіць") у Руска-беларускім слоўніку матэматычных, фізічных і тэхнічных тэрмінаў. Ніводнага з іх там няма!



Праўда, слоўнік параўнальна невялікі (18500 артыкулаў), але гэта значыць, што калі нават аўтары сустракалі гэтыя словы ў "дзікай прыродзе", яны не палічылі іх шырока ўжывальнымі, і таму не ўлучылі ў свой слоўнік. Можаце праверыць самі - электронная версія тут на Slounik.org.

І калі будзеце там, заадно звярніце ўвагу, якія пераклады прапануюцца напрыклад для "перестраивать":
  • 1. (структуру чего-л., здание) перабудоўваць;
  • 2. (прибор, механизм) пераладжваць


А слова "настрой" Вы зусім дарэмна да тэхнічных прылічылі. У маіх руска-беларускіх перакладных слоўніках яно сустракаецца толькі ў артыкулах тыпу "настроение" і сінанімічных яму.

Але нарэшце агучаная сапраўдная матывацыя -- "калька" (з рускай). Ну, калька, і што? Што, бывае тэрміналогія без калькаў? Або іх толькі з рускай нельга рабіць? Асабліва, калі з'ява нагэтулькі распаўсюджаная?


Калькаванне дапушчальна для новых слоў (новыя з'явы, новыя прадметы і г.д.), і пажадана толькі тады, калі мова не дае нам добрага адпаведніка з ужо наяўных у лексіконе. Да нашага выпадку гэта не мае дачынення (зноў жа магчыма з адным выключэннем - слова "налады", якое закрывае апошні прагал).

Слова ж "настройка" як вытв. ад дзеясл. "настроіць" вядомае ў бел. акад. літ-ры ***мінімум*** 40 гадоў.


Дарэчы пра назоўнікі на "-йка", што ўтвораныя ад дзеяслова. Вы напэўна ведаеце, што гэта не ўласнабеларускі метад словаўтварэння, хоць і даволі пашыраны ў апошні час. Бо ў беларускай мове больш распаўсюджаныя такія назоўнікі, толькі з "хвосцікам" на "-нне". Гэта лёгка праверыць па таму ж перакладному слоўніку Булыкі:
  • встройка - (як дзеянне) - убудоўванне (не "ўстройка"! і не "ўбудоўка"!)
  • достройка - (дзеянне) дабудаванне - 1-е значэнне, дабудоўка - 2-е значэнне
  • пристройка - (дзеянне) прыбудова, прыбудаванне, прыбудоўванне; (аб'ект) прыбудова. "Прыбудоўкі" - няма.
  • застройка - (аб'ект) забудова, забудоўля; (дзеянне) забудаванне. "Забудоўкі" - няма.


Пададзеныя прыклады ўжывання слова "расстроіць" -- для трохі іншых сэнсаў (культура мовы!).


Бо іншых сэнсаў у Сеціве не было! Праверце самі - Яндэкс даступны. Можаце яшчэ ў Гугле пашукаць.

Я знайшоў пытанні да суфіксу -ач -- ён належыць да украінізмаў (не паланізмаў!), і Сцяцко, быццам, якраз яго "любіць".


Юры, правільна, гэты варыянт словаўтварэння вельмі распаўсюджаны ў паўднёвых суседзяў. Але я прывёў вышэй даволі доўгі спіс слоў беларускай мовы, дзе ён таксама выкарыстоўваецца. І гэта не словы з 40-гадовай гісторыяй з політэхнічнага слоўніка. Гэта словы нашмат старэйшыя, магчыма яшчэ з тых часоў, калі беларуская і ўкраінская мова толькі пачыналі падзяляцца.

2 comments:

  1. Усё, што я назваў, кожны радыёінжынер пазнае адразу.

    Я не маю часу, каб растлумачваць вам навуковую каштоўнасць яндэксаў і гулаў для беларускамоўных даследаванняў (ніякая).

    Тое самае тычыцца карыснасці "пурыстычнага" пералапачвання тэрміналогіі.

    Пачытайце вось гэты допіс:
    http://wlite.livejournal.com/39034.html

    У мяне мала часу, каб так яго траціць.

    ReplyDelete
  2. Усё, што я назваў, кожны радыёінжынер пазнае адразу.

    Безумоўна, таму што акрамя беларускай кожны наш інжынер валодае рускай мовай. Гэтак жа як кожны праграміст валодае тэхнічнай англійскай. Дык можа тады не будзем перакладаць праграмісцкія тэрміны зусім?

    навуковую каштоўнасць яндэксаў і гулаў для беларускамоўных даследаванняў (ніякая)

    Дарэмна Вы так. Сапраўдны даследчык не грэбуе ніводнай крыніцай зыходнага матэрыялу. Ды і байнэт гэта не толькі форумы, дзённікі і г.д. Гэта яшчэ і сайты газет і часопісаў, анлайн-слоўнікі, тая ж Вікі.

    Тое самае тычыцца карыснасці "пурыстычнага" пералапачвання тэрміналогіі

    Не ўпэўнены. Здаецца мне, праца лінгвіста ў большай ступені - гэта і ёсць пурыстычнае пералапачванне інфармацыі.

    http://wlite.livejournal.com/39034.html

    Тут я Вас зусім не зразумеў. Вы падазраяце мяне ў тралізме???

    Ну добра, на гэтым пакуль спынім абмеркаванне гэтых слоў...

    ReplyDelete