Thursday, April 2, 2009

Налады і карыстачы (частка II)

Вырашыў адказ на каментары Юрыя да папярэдняга допісу даць асобным запісам у дзённіку.


"Манаграфія "Мадэль утварэння назоўнікаў...", якую я вам узгадаў, падрыхтаваная ў 2005 пад рэдакцыяй Сцяцко. У табліцы частаты -ач не выдзелены."

Тое, што яны не выдзелены - не значыць, што іх не існуе. Манаграфія - гэта не энцыклапедыя, аўтар мог звярнуць там увагу на іншыя пытанні.
Паспрабую яшчэ знайсці той артыкул з БЛ, дзе пра нульсуфіксы.

Добра. Заадно паглядзіце, як там азначана ўтварэнне слова, напрыклад, "хада".



Бяда, што вы не слухаеце, а толькі пярэчыце -- без нейкіх ***рацыянальных*** абгрунтаванняў (напр., не спасылаецеся на выяўленую кімсьці заканамернасць, або на акад. слоўнікі).


Нажаль, у мяне няма пад рукою акадэмічнага слоўніка. Але для доказу існавання слоў крумкач, слухач, чытач ён і не патрэбны, ці не так? (Вы бачыце тут нейкія адрозненні будовы слова ад карыстач?).

Розніцу дзеясловаў "ладзіць" і "строіць" паводле акадэмічнай думкі я працытаваў. Вы, на маю думку, няправільна яе разумееце, або не хочаце разумець. :) А гэта -- пытанне культуры мовы.


Здаецца, у папярэднім допісе я даў разгорнутае тлумачэнне выкарыстання слоў з коранем "лад", грунтуючыся менавіта на Вашых вытрымках з ТСБМ-05.

Па-мойму, тут проста сваявольна парушаная культура мовы.


А мне здаецца, усё было напісана вельмі гарманічна і да месца. :)

Ну, ёсць ужо "настройкі", у акадэмічным політэхнічным слоўніку. А вам проста хочацца (падабаецца) мець слова "налады".


Дарэчы, таксама цікавае пытанне: задумайцеся, адкуль з'явілася слова "настройкі", "настроіць" у тэхнічным слоўніку? Я больш чым упэўнены, што гэта калькаванне адпаведных рускіх слоў, і іншыя варыянты нават не разглядаліся падчас стварэння слоўніка (дзе тыя 4 фазы ?!). Чаму ў аўтараў слоўніка не ўзнікла пытанне адсутнасці ў беларускай мове адпаведнага дзеяслова са зваротным сэнсам? "Настроіць" - "расстроіць"? ці "растроіць"? ці "адстроіць"? У той час як для "наладзіць" такой праблемы няма ("разладзіць"). І ў людзей гэтай праблемы няма.

Калі Вы зробіце пошук па слову "расстроіць" у Сеціве, Вы знойдзеце толькі варыянты ў сэнсе "засмуціць" ці "зладзіць" ці "разладзіць" (то бок ізноў жа памылковае калькаванне з рускай мовы), і ніводнага ў антанімічным сэнсе да "наладзіць":
  • Ня ведаю ці парадуе вас праўда, ці расстроіць... (ужыта замест правільнага варыянту "засмуціць", калькаванне з рускай)
  • Адкідаліся матэрыялы, якія былі здольныя “расстроіць” Брэжнева (таксама)
  • ...дык сванька вясельле расстроіць... (сінонім "зладзіць", але ніяк не антонім да "наладзіць")
  • можа расстроіць шчасьце усяго жыцьця (правільна - "разладзіць")


Вас гэта не бянтэжыць?

Рускія таксама прайшлі перыяд, калі пісалі "опции" замест "настройки" напрыклад. Пройдзем і мы.

2 comments:

  1. Ну вось. А ведалі б тэхніку -- дык ведалі б, і што такое ў тэхнічным кантэксце "расстроіць", і "адстроіць", і "падстроіць", і "перастроіць". Усё гэта, з п.гл. мовы, цалкам адпавядае беларускай моўнай сістэме і гісторыі. Пар. "настрой".

    І сэнс тут не захоўваецца, калі падставіць іншы корань (-лад-). А "строіцца" мае іншы сэнс, хоць і той самы корань (хаця я не ўпэўнены ў яго не-дыялектнасці).

    Але нарэшце агучаная сапраўдная матывацыя -- "калька" (з рускай). Ну, калька, і што? Што, бывае тэрміналогія без калькаў? Або іх толькі з рускай нельга рабіць? Асабліва, калі з'ява нагэтулькі распаўсюджаная?

    Навошта ствараць праблемы на роўным месцы???

    І я так думаю, што стваральнікі Політэхнічнага ўсё ж вытрымлівалі культуру вытворчасці. Слова ж "настройка" як вытв. ад дзеясл. "настроіць" вядомае ў бел. акад. літ-ры ***мінімум*** 40 гадоў.

    Пададзеныя прыклады ўжывання слова "расстроіць" -- для трохі іншых сэнсаў (культура мовы!).

    ReplyDelete
  2. > Але для доказу існавання слоў крумкач, слухач, чытач ён і не патрэбны, ці не так?

    Але для нейкіх заканамернасцяў патрэбная аўтарытэтная крыніца, а значыць, і навуковы прафесіяналізм. Вытрымкі са слоўніка -- не больш як пачатковыя даныя.

    Я знайшоў пытанні да суфіксу -ач -- ён належыць да украінізмаў (не паланізмаў!), і Сцяцко, быццам, якраз яго "любіць". Некаторыя аўтары, аднак, спрачаюцца з такой практыкай.

    ReplyDelete