Гутарка круціцца вакол выкарыстання слоў "Налады" і "Карыстач" у IT-асяроддзі: у кампутарных праграмах, на сайтах і г.д.
Нажаль, у рамках Вікіпедыі цяжка весці размовы, таму публікую свой адказ на апошні допіс паважанага Юрыя Тарасевіча тут. Вытрымкі з зыходнага допісу падаю ў двукоссях.
"Значыць, па парадку: рэальна 100% нашага ІТ -- рускамоўнае і там гучаць "настройкі". Так?"
Выбачайце, Юры, гэта не аргумент. Інакш мы бы з Вамі зараз сядзелі б у суседняй Вікі і спрачаліся наконт як сама правільна пісаць: "Выпить чаю" или "Выпить чая". ;)
"Мова павінна быць зразумелай, тое самае, і яшчэ болей, тычыцца тэрміналогіі."
Усе абмеркаваныя варыянты - вядомыя словы або пабудаваныя ад вядомых слоў.
"У беларускамоўнай тэрміналогіі існуе настройка, напрыклад, радыёпрыёмніка? Існуе, і запісаная ў Р-Б палітэхнічным слоўніку Ін-ту мовазнаўства. І нічым прынцыповым настройка праграм не адрозніваецца, так?"
Прынцыпова - не. Але Вы тут ніжэй спасылаецеся ўжо нават не на сінанімічную розніцу, а на адценні сэнсу.
"Настройка -- тое, што робіцца часта. Наладка -- тое, што робіцца пасля ...усталявання..., і ўжываецца гэты тэрмін, пераважна, да тэхнікі і абсталявання."
Так, усё правільна. Словы блізкія, але іх сэнс мае адценні.
"Нарэшце, "настроити", і з такім самым пачатковым значэннем, ёсць нават у Гіст. слоўніку бел. мовы"
Выдатна! Але я ўпэўнены, што словы з гістарычным коранем "лад" там таксама ёсць.
"ствараць новы тэрмін або новае значэнне існага тэрміну -- НЯМА?"
Ствараць слова для замены слова "настройка" (тое, што робіцца часта) - здаецца не, няма. Справа ў тым, што слова "налада" як ніякое іншае дапасуе да ўжывання ў IT менавіта ў тым сэнсе, што вы паказалі. Вось глядзіце. Спачатку мы ўсталёўваем праграму, ці адкрываем акаўнт на сайце, ці рэгіструем пошту. Пасля гэтага што мы робім? ПАДЛАДЖВАЕМ (рус. ПОДСТРАИВАЕМ) праграму/акаўнт/паштовую скрыню пад свой густ. Мы ЎЛАДКОЎВАЕМСЯ (рус. УСТРАИВАЕМСЯ) ў новым праграмным асяроддзі. І ўсё, больш мы гэтыя НАЛАДЫ (рус. НАСТРОЙКИ) звычайна не чапаем. Вось вам і пуск, і наладка.
І толькі калі там нешта РАЗЛАДЗІЦЦА (вірус уб'ецца), мы зноў займаемся ПЕРАНАЛАДКАЙ. Дарэчы, на ўсялякі выпадак, пашукайце ў сваіх слоўніках слова "растроіць" (разладзіць). А то ў мяне няма. І ў перакладным Булыкі таксама няма. Ёсць толькі ў адзіным сэнсе "(нарушить строй) расстроіць" (то бок "парушыць шыхт/шыхтаванне", але лепш мы гэта тут чапаць не будзем :). Ідзем далей.
"Па-першае, слова "налада" няма ў ніводным аўтарытэтным слоўніку"
Так, гэта новае слова, яго няма ў старых акадэмічных слоўніках. Слова, пабудаванае на старым корані, і якое запаўняе прагал у шэрагу ўжо існых і вядомых слоў: наладка, наладжваць і г.д. Таму гэта не фантазія, а абдуманы і абгрунтаваны дадатак у моўны лексікон. Фантазія - гэта напрыклад краіна Цілімілітрамдыя. :)
"нульсуфіксальная мадэль для фемінітываў асобна не ўзгадваецца (яна наогул спецыфічная, колькі мне вядома)"
Нажаль, у нашых вучоных-беларусаведаў няма добрых сучасных праграмных прылад для вывучэння мовы, і лексікі ў прыватнасці. І з Гуглам не вельмі. Таму я вам падкіну пару прыкладаў, якія не знайшоў паважаны навуковец. Усе ніжэйпададзеныя словы, як няцяжка заўважыць, з'яўляюцца фемінітывамі (калі я правільна зразумеў тэрмін. Але ж і слова Вы знайшлі, усяго 4 спасылкі ва ўсім Сеціве... уфф :) ). Яны пабудаваныя ад (або маюць узгоднены) дзеяслоў, і не маюць суфікса (гэтак жа, як і "налада").
- абсада - ёсць у перакладным слоўніку Булыкі -- абсадзіць
- абраза -- абразіць
- асада і аблога -- асадзіць і аблажыць
- прылада -- прыладзіць
- выгада -- выгадаць
- рада і парада -- ра́дзіць (ра́дзіцца) і пара́дзіць
- улада -- уладаць
- завада -- завадзіць (ёсць у Байкова-Некрашэвіча)
- загарада -- загарадзіць
- звада -- звадзіць
- і г.д. і да т.п.
"А ў табліцы частаты выкарыстання фармантаў няма -ач"
???? Гэта па якой базе складалася табліца? Я ўжо падаваў словы на -ач вышэй.
Цяпер наконт "трэба не-рускае слова". Вельма часта такое сустракаецца, Вы правы. І я таксама пабачыў шмат вычварных слоў, але затое "нашанскіх". Але не трэба змешваць усё у адну кучу. Калі чалавек па-беларуску піша "падстрайваць" (маюча на ўвазе "падладжваць"), ці "пастроіць" (маючы на ўвазе "пабудаваць") - вось што трэба выпраўляць.
Майстар, я ўжо стаміўся. :) Чытаць, каб як след ведаць гэтыя пытанні, трэба паперу, а не сеціва, гэта вы ўжо заўважылі.
ReplyDeleteМанаграфія "Мадэль утварэння назоўнікаў...", якую я вам узгадаў, падрыхтаваная ў 2005 пад рэдакцыяй Сцяцко. У табліцы частаты -ач не выдзелены. Паспрабую яшчэ знайсці той артыкул з БЛ, дзе пра нульсуфіксы. Бяда, што вы не слухаеце, а толькі пярэчыце -- без нейкіх ***рацыянальных*** абгрунтаванняў (напр., не спасылаецеся на выяўленую кімсьці заканамернасць, або на акад. слоўнікі).
Адным словам, нельга вось так, па-валюнтарысцку (сваявольна), мяняць сэнс дзеяслова пры ўтварэнні назоўніка. Нельга, і ўсё. :) Розніцу дзеясловаў "ладзіць" і "строіць" паводле акадэмічнай думкі я працытаваў. Вы, на маю думку, няправільна яе разумееце, або не хочаце разумець. :) А гэта -- пытанне культуры мовы.
Яшчэ дадам -- вы далі цэлы сцэнар са словамі на -лад-. Па-мойму, тут проста сваявольна парушаная культура мовы. Прыблізна тое самае робяць тыя, хто кажа "котка чэшацца".
ReplyDeleteНу, ёсць ужо "настройкі", у акадэмічным політэхнічным слоўніку. А вам проста хочацца (падабаецца) мець слова "налады".