Wednesday, April 1, 2009

Налады ці Настройкі? Карыстальнік ці Карыстач?

Хоць ідэя стварэння свайго блога цьмела ўжо даўно, тым не менш непасрэдным штуршком для яго стварэння стала вось гэта дыскусія на старонках Беларускай Вікіпедыі.

Гутарка круціцца вакол выкарыстання слоў "Налады" і "Карыстач" у IT-асяроддзі: у кампутарных праграмах, на сайтах і г.д.

Нажаль, у рамках Вікіпедыі цяжка весці размовы, таму публікую свой адказ на апошні допіс паважанага Юрыя Тарасевіча тут. Вытрымкі з зыходнага допісу падаю ў двукоссях.



"Значыць, па парадку: рэальна 100% нашага ІТ -- рускамоўнае і там гучаць "настройкі". Так?"

Выбачайце, Юры, гэта не аргумент. Інакш мы бы з Вамі зараз сядзелі б у суседняй Вікі і спрачаліся наконт як сама правільна пісаць: "Выпить чаю" или "Выпить чая". ;)

"Мова павінна быць зразумелай, тое самае, і яшчэ болей, тычыцца тэрміналогіі."

Усе абмеркаваныя варыянты - вядомыя словы або пабудаваныя ад вядомых слоў.

"У беларускамоўнай тэрміналогіі існуе настройка, напрыклад, радыёпрыёмніка? Існуе, і запісаная ў Р-Б палітэхнічным слоўніку Ін-ту мовазнаўства. І нічым прынцыповым настройка праграм не адрозніваецца, так?"

Прынцыпова - не. Але Вы тут ніжэй спасылаецеся ўжо нават не на сінанімічную розніцу, а на адценні сэнсу.

"Настройка -- тое, што робіцца часта. Наладка -- тое, што робіцца пасля ...усталявання..., і ўжываецца гэты тэрмін, пераважна, да тэхнікі і абсталявання."

Так, усё правільна. Словы блізкія, але іх сэнс мае адценні.

"Нарэшце, "настроити", і з такім самым пачатковым значэннем, ёсць нават у Гіст. слоўніку бел. мовы"

Выдатна! Але я ўпэўнены, што словы з гістарычным коранем "лад" там таксама ёсць.

"ствараць новы тэрмін або новае значэнне існага тэрміну -- НЯМА?"

Ствараць слова для замены слова "настройка" (тое, што робіцца часта) - здаецца не, няма. Справа ў тым, што слова "налада" як ніякое іншае дапасуе да ўжывання ў IT менавіта ў тым сэнсе, што вы паказалі. Вось глядзіце. Спачатку мы ўсталёўваем праграму, ці адкрываем акаўнт на сайце, ці рэгіструем пошту. Пасля гэтага што мы робім? ПАДЛАДЖВАЕМ (рус. ПОДСТРАИВАЕМ) праграму/акаўнт/паштовую скрыню пад свой густ. Мы ЎЛАДКОЎВАЕМСЯ (рус. УСТРАИВАЕМСЯ) ў новым праграмным асяроддзі. І ўсё, больш мы гэтыя НАЛАДЫ (рус. НАСТРОЙКИ) звычайна не чапаем. Вось вам і пуск, і наладка.

І толькі калі там нешта РАЗЛАДЗІЦЦА (вірус уб'ецца), мы зноў займаемся ПЕРАНАЛАДКАЙ. Дарэчы, на ўсялякі выпадак, пашукайце ў сваіх слоўніках слова "растроіць" (разладзіць). А то ў мяне няма. І ў перакладным Булыкі таксама няма. Ёсць толькі ў адзіным сэнсе "(нарушить строй) расстроіць" (то бок "парушыць шыхт/шыхтаванне", але лепш мы гэта тут чапаць не будзем :). Ідзем далей.

"Па-першае, слова "налада" няма ў ніводным аўтарытэтным слоўніку"

Так, гэта новае слова, яго няма ў старых акадэмічных слоўніках. Слова, пабудаванае на старым корані, і якое запаўняе прагал у шэрагу ўжо існых і вядомых слоў: наладка, наладжваць і г.д. Таму гэта не фантазія, а абдуманы і абгрунтаваны дадатак у моўны лексікон. Фантазія - гэта напрыклад краіна Цілімілітрамдыя. :)

"нульсуфіксальная мадэль для фемінітываў асобна не ўзгадваецца (яна наогул спецыфічная, колькі мне вядома)"

Нажаль, у нашых вучоных-беларусаведаў няма добрых сучасных праграмных прылад для вывучэння мовы, і лексікі ў прыватнасці. І з Гуглам не вельмі. Таму я вам падкіну пару прыкладаў, якія не знайшоў паважаны навуковец. Усе ніжэйпададзеныя словы, як няцяжка заўважыць, з'яўляюцца фемінітывамі (калі я правільна зразумеў тэрмін. Але ж і слова Вы знайшлі, усяго 4 спасылкі ва ўсім Сеціве... уфф :) ). Яны пабудаваныя ад (або маюць узгоднены) дзеяслоў, і не маюць суфікса (гэтак жа, як і "налада").
  • абсада - ёсць у перакладным слоўніку Булыкі -- абсадзіць
  • абраза -- абразіць
  • асада і аблога -- асадзіць і аблажыць
  • прылада -- прыладзіць
  • выгада -- выгадаць
  • рада і парада -- ра́дзіць (ра́дзіцца) і пара́дзіць
  • улада -- уладаць
  • завада -- завадзіць (ёсць у Байкова-Некрашэвіча)
  • загарада -- загарадзіць
  • звада -- звадзіць
  • і г.д. і да т.п.


"А ў табліцы частаты выкарыстання фармантаў няма -ач"

???? Гэта па якой базе складалася табліца? Я ўжо падаваў словы на -ач вышэй.

Цяпер наконт "трэба не-рускае слова". Вельма часта такое сустракаецца, Вы правы. І я таксама пабачыў шмат вычварных слоў, але затое "нашанскіх". Але не трэба змешваць усё у адну кучу. Калі чалавек па-беларуску піша "падстрайваць" (маюча на ўвазе "падладжваць"), ці "пастроіць" (маючы на ўвазе "пабудаваць") - вось што трэба выпраўляць.

2 comments:

  1. Майстар, я ўжо стаміўся. :) Чытаць, каб як след ведаць гэтыя пытанні, трэба паперу, а не сеціва, гэта вы ўжо заўважылі.

    Манаграфія "Мадэль утварэння назоўнікаў...", якую я вам узгадаў, падрыхтаваная ў 2005 пад рэдакцыяй Сцяцко. У табліцы частаты -ач не выдзелены. Паспрабую яшчэ знайсці той артыкул з БЛ, дзе пра нульсуфіксы. Бяда, што вы не слухаеце, а толькі пярэчыце -- без нейкіх ***рацыянальных*** абгрунтаванняў (напр., не спасылаецеся на выяўленую кімсьці заканамернасць, або на акад. слоўнікі).

    Адным словам, нельга вось так, па-валюнтарысцку (сваявольна), мяняць сэнс дзеяслова пры ўтварэнні назоўніка. Нельга, і ўсё. :) Розніцу дзеясловаў "ладзіць" і "строіць" паводле акадэмічнай думкі я працытаваў. Вы, на маю думку, няправільна яе разумееце, або не хочаце разумець. :) А гэта -- пытанне культуры мовы.

    ReplyDelete
  2. Яшчэ дадам -- вы далі цэлы сцэнар са словамі на -лад-. Па-мойму, тут проста сваявольна парушаная культура мовы. Прыблізна тое самае робяць тыя, хто кажа "котка чэшацца".

    Ну, ёсць ужо "настройкі", у акадэмічным політэхнічным слоўніку. А вам проста хочацца (падабаецца) мець слова "налады".

    ReplyDelete