Sunday, June 7, 2009

Найвышэйшыя ступені параўнання прыметнікаў для найпрыгожай мовы свету

Прадмова

Надоечы на старонках беларускага кам’юніці by_mova у «Жывым Журнале» было закранута пытанне выкарыстання ў беларускай мове некаторых формаў найвышэйшай ступені параўнання прыметнікаў. Калі казаць спрошчана, у літаратурнай беларускай мове існуе найбольш распаўсюджаная найвышэйшая ступень параўнання прыметніка – з пачаткам “най” і канчаткам “шы” (найтанчэйшы, найкаштоўнейшы, наймацнейшы). Аднак у сучасных (і не толькі) тэкстах часам можна сустрэць звычайныя прыметнікі з прэфіксам “най-“ (найтонкі, найкаштоўны, наймоцны). Аўтар допісу выказвае здагадку, што гэтыя словы з’явіліся пад уплывам электроннага перакладніка «Белазар», у якім яны сустракаюцца. Паспрабуем прааналізаваць, наколькі гэта праўдзіва, і ці маюць такія формы прыметнікаў права на жыццё.



Даследаванне

Спачатку паспрабуем знайсці такія формы ў афіцыйных выданнях. Электронны варыянт руска-беларускага слоўніка (НАН Беларуси, Ин-т языкознания им. Я.Коласа. — 8-е изд. — Мн.: БелЭн, 2002.) дае нам такі артыкул:
  • древнейший – (превосх.ст.) найстаражытнейшы, найстаражытны, самы старажытны.

Так, значыцца такая форма ўсё ж існуе і ў акадэмічным выданні. Паспрабуем прааналізаваць гэты артыкул.

Першае, што можна адзначыць – словы “найстаражытнейшы” і “найстаражытны” маюць розную ступень якасці: “найстаражытнейшы” безумоўна пераўзыходзіць па “ступені старажытнасці” слова “найстаражытны”. У рускай мове для мэты падкрэслення ступені якасці прыметніка таксама існуюць аналагічныя сродкі. Вось цытата:
Большой экспрессией характеризуется форма превосходной степени с приставкой наи-, характерная для книжной речи; эта форма обозначает высшую, до предела, степень качества: наилучший выход, наистрожайший приказ, наиспособнейший артист, наисложнейший вопрос, наименьшие потери.
У нашым выпадку гэта будзе слова “наидревнейший” – яно мае “ступень старажытнасці” вышэйшую за слова “древнейший”. Як прапануюць перакладаць такое слова складальнікі вышэйазначанага слоўніка – невядома. Можа “найнайстаражытнейшы”? Ці “самы найстаражытнейшы”? Гучыць дзіка, ці не так?

А вось як прыгожа і дакладна, з улікам адценняў ступені пераўзыходжання, можна перакласці гэтыя словы:
  • древнейший, очень древний – найстаражытны, вельмі старажытны;
  • наидревнейший, самый древний – найстаражытнейшы, самы старажытны.
А зараз давайце выявім, наколькі формы з “най-” і без “-шы” распаўсюджаныя ва ўжыванні, і ці быў Белазар піянерам на гэтым шляху.

Пошукі

Падчас пошуку крыніцаў я наўмысна адкідаў запісы ў блогах, форумах, рэлігійныя тэксты (дзе такіх формаў даволі шмат), а таксама тэксты, відавочна атрыманыя з рускай мовы шляхам машыннага перакладу (чытай - з дапамогай Белазара).

Акрамя вышэйзгаданага артыкула ў афіцыйным перакладным слоўніку я знайшоў наступныя ўжыванні:

Часопіс «Дзеяслоў», навэла «Нечаканая Ажэшка», пераклад з польскай Анатоля Бутэвіча.
...Ціхім шэптам яны марылі пра той найдалёкі ідэал, да якога...
(Электроннага перакладніка з польскай мовы пакуль не існуе, таму, бяспрэчна, А.Бутэвіч перакладаў “уручную” :) ).

Часопіс «Дзеяслоў», Алесь Пашкевіч «Кактэбельская анамалія».
...Пра тое, што 16 гадоў да таго сюдой прайшоў-праехаў найвялікі з усяго літаратурнага замежжа сябар украінскай літаратуры...

Раман «Лабух», Уладзімір Някляеў.
...Найвысокі і наймудры стан усяго існага і няіснага...

Часопіс «Arche», 6-2007. Валянцін Акудовіч «Вялесаўская лекцыя».
...Пакліканне пісьменніка папярэдніх эпохаў максімальна дакладна выказвала знакамітае здумленне Канта пра два найвялікія дзівы...

...філасофія ... перадусім зняпраўдзіла свой найвысокі дыскурс — метафізіку...

Часопіс «Arche», 2-2001. Павел Куба «Метамарфозы нігілізму». (Першая версія Белазара з вельмі маленькім слоўнікам з’явілася толькі напрыканцы 2002 году).
...Мы можам прызнаць яе, і тады наймагутней выявіцца тое, што...

Юры Вашкевіч. «Homo Sovieticus» — Фэномэн і архетып (з курсу лекцый па найноўшай гісторыі, тарашкевіца).
Страх... зьяўляўся наймагутным сродкам падпарадкаваньня насельніцтва.

«Каханы горад»: Зборнік эміграцыйнае ваеннае прозы / Укл. Л. Юрэвіч. Мінск: Беларускі кнігазбор, 2006. — 372 с. — (Бібліятэка Бацькаўшчыны, кн. 9). (Тэкст напісаны ў 1952 г.)
...А найвялікі Пушча, як паэт і найбольшы адзінотнік на Беларусі...

Слоўнік эпітэтаў беларускай мовы. Артыкул «Клопат». (Сярод прыкладаў ужывання):
Будзе ў ёй [песні] пра шлях далёкі, пра прастору пад крылом і пра клопат найвысокі аб гняздзечку пад акном! (Е.Лось)

Адам Міцкевіч «Свіцязь» (балада, пер. на бел. мову Яна Чачота?)
Ты, пан, з сваёй хеўрай праз час найкароткі
Ляжаў бы ўжо там, пад вадою.

Ян Чачот «Свіцязь»
Яна ў кіпцюрах іх! Шалее віхура,
Палац наймагутны гайдае.

Ян Чачот «Балада пра Бекеша»
І чуе ён голас тут бацькаў наймілы.

Адам Глобус «Вахтанг VІ - Смяротныя грахі». (Пер. з грузінскай мовы, 1988 год).
Дробны святляк захапіўся нязначным святлом каламутным,
Роўных сабе ён не бачыць і лічыць сябе наймагутным.

Як бачым, прыметнікі найвышэйшай ступені параўнання з прэфіксам “най-“ даволі распаўсюджаныя ў беларускай мове, іх ужыванне мае карані аж у 50-х гг. мінулага стагоддзя, а мо і раней. Хоць і атрымала пашырэнне толькі на працягу апошніх дзесяцігоддзяў.

І вось напрыканцы яшчэ адна цытата, з матэрыялаў III Міжнароднага кангрэса беларусістаў «Беларуская культура ў дыялогу цывілізацый», які меў месца ў снежні 2000г. Пётр Садоўскі «Інавацыі 90-х гадоў у мове беларускіх недзяржаўных выданняў», Падзел "Марфалогія", п.10.
...Часта сустракаюцца ацэначна-параўнальныя формы тыпу: найвысокі, найдобры, найвялікі, у чым каротчы тэрмін, найразнейшыя справы, завысокі кошт, замалы памер, заслабы для такой працы, зацесны для мяне, паўненны грыбоў (пра лес) і г.д.

Як бачым, найбольш прасунутыя даследчыкі-беларусісты ўжо даўно звярнулі сваю ўвагу на гэту з’яву.

Высновы

Прапанаваныя формы найвышэйшай ступені параўнання прыметнікаў – выдатны шлях дадаць больш выразнасці, экспрэсіўнасці беларускай мове. Новыя формы нельга зблытаць з іншымі формамі прыметніка і з іншымі часцінамі мовы, іх лёгка зразумець (прыстаўка “най-” мае несупярэчлівы сэнс), яны будуюцца ад звычайных якасных прыметнікаў, і таму лёгка змяняюцца згодна існых правілаў мовы для прыметніка.

Гэтыя формы пакуль не замацаваныя афіцыйна, але з цягам часу і з цягам пашырэння іх ужывання несумненна гэта будзе зроблена. Для прыкладу гляньце наступны пункт у цытаваным тут артыкуле Пятра Садоўскага:
11. Пры ўжыванні запазычаных (перакладзеных) дзеясловаў, інфінітыў якіх можа заканчвацца на -іраваць /-ыраваць або -аваць (без суфікса -ір-/ -ыр-), перавага аддаецца другому варыянту: фармаваць (ва ўсіх значэннях), ініцыяваць, фарсаваць (фарсіраваць), рэпетаваць, маршаваць, камандаваць (з націскам на «ва») “камандзіраваць” і г. д. Найбольшая варыятыўнасць назіраецца пры ўжыванні дзеясловаў, якія абазначаюць дзеянне «рабіць каментар(ый)» і «скідаць бомбы»: каментараваць (ужываецца найчасцей), каментаваць, каменціраваць, бамбаваць, бамбіць, бамбардаваць, бамбардзіраваць.

Як вядома, у апошняй рэдакцыі беларускага правапісу ўжыванне суфіксаў -ірава- / -ырава- значна звужана. Так што афіцыйная навука адгукаецца на змены ў жывой мове. Гэта рэакцыя злёгку замаруджаная (магчыма, нават залішне :) ), але на тое ён і афіцыйны правапіс: ён павінен замацоўваць тыя словаўтварэнні, што атрымалі найбольш шырокае распаўсюджанне. А таму, калі гэтыя словаформы не з'явяцца ў жывой мове і не распаўсюдзяцца, яны ніколі не трапяць і ў афіцыйную мову, ці не так?

No comments:

Post a Comment